ЗАХО́ДНІ БЕ́РАГ РАКІ́ ІАРДА́Н,
тэрыторыя ў Зах. Азіі, у межах гіст. Палесціны (разам з усх. ч. Іерусаліма). Падзяляецца на 2 гіст. падвобласці: Самарыю (на Пн) і Іудзею (на Пд). Пл. каля 6 тыс. км2. Нас. 1300 тыс. чал. (1994), у т.л. 1200 тыс. палесцінцаў і каля 100 тыс. яўрэяў. Сярод веруючых мусульмане (80%), іудзеі і хрысціяне. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Эль-Халіль — 120,4, Наблус — 64, Бейт-Лахм — 25. У рэльефе пераважаюць нізкія горы і плато, на У — даліна р. Іардан, дзе на арашальных землях вырошчваюць пладовыя, вінаград, аліўкі, агародніну. У горных раёнах вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры, гадуюць авечак і коз. Прам-сць: харч., тэкст., абутковая. Значная ч. насельніцтва працуе ў Ізраілі. Пераважае аўтам. транспарт.
У 1922—48 брыт. ч. падмандатнай тэр. Палесціны. У 1949 уключаны ў Іарданію. У выніку т. зв. Шасцідзённай вайны 1967 акупіраваны Ізраілем (пад назвай Іудзея і Самарыя).
У 1988 Іарданія адмовілася ад права на яго. Пасля падпісання ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў частковую аўтаномію. У выніку дамоўленасці 1995 аўтаномія пашырана.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)